15 жніўня 2016 года
У літаратурнай гасцёўні прайшла гадзіна памяці “Помнім. Ганарымся”, прысвечаная пісьменніку і краязнаўцу – ураджэнцу вёскі Забалацце Алесю Іванавічу Махначу. На мерапрыемства былі запрошаны наведвальнікі бібліятэкі, вучні СШ №1 імя А.С.Пушкіна і навогул усе, хто хацеў больш даведацца аб жыцці і творчасці А.Махнача.
Вечарыну наведаў кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ю.А.Лобач.
Успамінамі аб сустрэчах з пісьменнікам падзяліўся былы дырэктар Уздзенскага гісторыка-краязнаўчага музея А.М.Папко. Памяці Алеся Махнача прысвяціла сваю песню ўдзельніца літаб’яднання “Нёманец” Вольга Бокуць-Чабатарова. Увазе ўдзельнікаў мерапрыемства была падрыхтавана мультымедыйная прэзентацыя аб пісьменніку, а завяршыла мерапрыемства песня аб роднай Уздзеншчыне ў выкананні Алега Каламійца.
19 жніўня 2016 года
У рамках святкавання 155-годдзя з дня нараджэння нашай зямлячкі, асветніцы і мецэнаткі Марыі Магдалены Радзівіл бібліятэкары Вольга Віяленцій, Марына Кароль і сябры літаратурна-творчага аб’яднання “Вясёлка” Валерыя Сарока і Аляксей Буры правялі акцыю ўдзячнасці “Тут, дзе ступала нага Магдалены”.
Бібліятэчна-“вясёлкавы” дэсант высадзіўся на палетках гаспадарак “Новае жыццё” і “Агра-Кухцічы”. Удзельнікі акцыі павіншавалі хлебаробаў з заканчэннем жніва, пажадалі поспехаў у бягучых сельскагаспадарчых клопатах, уручылі ад імя Магдалены прыемныя сюрпрызы-ласункі.
19 жніўня 2016 года
19 жніўня, напярэдадні аб’яўленага Магдаленінага балю, адбылася экскурсія ў былы маёнтак Марыі Магдалены. Цяпер тут, у пасёлку Першамайск, размяшчаецца дзяржаўны сельскагаспадарчы ліцэй, і пра былую раскошу нагадваюць толькі старыя муры гаспадарчых пабудоў, напаўразбураны Кальвінскі збор ды прыгожая альтанка ў парку.
Настаўнік Павел Апановіч, нястомны краявед, правёў слухачоў па былым маёнтку, расказаў гісторыю кожнай будыніны. Удзельнікі экскурсіі, а гэта былі, у асноўным, маладыя людзі, паўдзельнічалі ў касцюміраванай фотасесіі.
20 жніўня 2016 года
Асоба Магдалены Радзівіл знакавая не толькі для нас, яе землякоў. Варта ўхвалення і памяці тое, што Магдалена зрабіла для ўсёй Беларусі. Яна сцвярджала права беларусаў жыць на сваёй тэрыторыі, размаўляць на роднай мове і таму аднаўляла беларускія школы, адчыніла рамеснае вучылішча для сялянскіх дзяцей, плаціла стыпендыі беларускім студэнтам у Вільні.
А галоўнае – Магдалена Радзівіл падтрымлівала літаратараў-пачаткоўцаў. У гісторыі Беларусі не было, і наўрад ужо ці будзе такі чалавек, які б паклаў на алтар кнігадрукавання столькі ўласных сродкаў, колькі ахвяравала іх Магдалена Радзівіл. За яе грошы былі надрукаваны першыя кнігі Максіма Багдановіча, Канстанцыі Буйло, Ядвігіна Ш. і іншых пачаткоўцаў. Яна падтрымлівала першыя перыядычныя беларускія выданні, апекавала выдавецтва “Загляне сонца ў наша ваконца” у Пецярбургу, беларускае выдавецкае таварыства ў Вільні, “Нашу ніву” і іншыя выданні.
Каб ушанаваць памяць асветніцы і мецэнаткі, прыцягнуць увагу грамадскасці да дабрачынных спраў, энтузіясты літаратурна-творчай суполкі “Вясёлка”, што працуе пры цэнтральнай раённай бібліятэцы імя П.Труса задумалі і рэалізавалі творчы праект “Магдаленаўскі баль-рэканструкцыя”.
Гаспадыняй балю выступіла сама графіня Марыя Магдалена Радзівіл, ролю якой выканала бібліятэкар СШ№1 Ірына Бельская. Гісторык-краявед Павел Апановіч выдатна справіўся з роляй Вацлава Мікалая Радзівіла.
Дарэчы, Павел Дзмітрыевіч прадаставіў для выставы кнігі-старадрукі са сваёй асабістай калекцыі, якая была разгорнута ў “мастацкім салоне” – месцы для фотасесіі – і для жадаючых правёў кароткі экскурс па гэтых выданнях.
Традыцыйны майстар-клас партрэтнага жывапісу ладзіў Яўген Шунейка, экспанаваў свае работы і Андрэй Лычкоўскі.
Гучалі вершы беларускіх паэтаў у традыцыйнай “Літаратурнай прышчэпцы”, песні ў выкананні госці свята Таццяны Матафонавай. Віктарыну для гледачоў і ўдзельнікаў балю правяла яшчэ адна госця, кааардынатар кампаніі “Будзьма беларусамі” Святлана Чакушка.
І вядома ж, радавалі вока танцы – кацільёны і вальсы, паланез і гранд-марш.
Выклікала цікавасць і жаданне разам сфатаграфавацца з’яўленне групы байкераў і дзвюх спадарынь у шыкоўных верхавых уборах з парай рахманых хартоў.
Напрыканцы свята гаспадыня балю звярнулася да ўдзельнікаў і гледачоў са зваротам рабіць добрыя справы, каб традыцыі Магдалены працягвалі жыць.
25 жніўня 2016 года
На краязнаўчую вандроўку "Свой край вывучай" 25 жніўня былі запрошаны наведвальнікі АДПІТЦСАН. Ім была прапанавана краязнаўчая мультымедыйная віктарына "Мая Радзіма - Уздзеншчына", відэафільмы "Уздзенская ідылія", "Выток Нёмана - выток духоўнасці". Любоў да родных мясцін, гонар за гісторыю і культуру свайго краю гучаў у адказах удзельнікаў мерапрыемства на пытанні віктарыны.
Напрыканцы вандроўкі ўдзельнікам мерапрыемства быў прапанаваны буктрэйлер на зборнік казак Васіля Шырко "Дзед Манюкін не салжэ", пасля якога наведвальнікі аддзялення з цікавасцю гарталі старонкі кнігі.