4 лістапада 2016 года
Палац культуры поўніўся вясёлым гулам: збіраліся на раённы злёт маладыя спецыялісты раёна. Супрацоўнікі раённага камітэта БРСМ, дома культуры, бібліятэкі падрыхтавалі насычаную праграму мерапрыемства, якая ўключала трэнінгі, майстар-класы, танцавальны флэш-моб, сустрэчу з кіраўніцтвам раёна.
У чытальнай зале і на абанеменце цэнтральнай раённай бібліятэкі імя П.Труса для чатырох груп маладых спецыялістаў была праведзена гульня-квест “Жывая бібліятэка”. Моладзі прапанавалася рэканструяваць выказванне пра кнігу, знайшоўшы ў кніжным фондзе, на выставах, у каталогах шэсць патрэбных слоў. Усе ўдзельнікі з заданнем справіліся і запомніліся бібліятэкарам сваім аптымізмам, актыўным жаданнем быць заўважанымі, пачуццём гумару.
Маладыя спецыялісты зацікавіліся выставамі, што разгорнуты ў бібліятэцы. Асабліва іх уразілі мастацка выкананыя работы Ірыны Навакоўскай. Прадстаўнікі ад кожнай групы паўдзельнічалі ў акцыі “Чытаем байкі Крапівы разам”.
3 лістапада 2016 года
20-годдзе клуба “Залаты ўзрост” адзначылі яго ўдзельнікі 3 лістапада. Клуб створаны для тых, хто хоча правесці свой вольны час сярод аднадумцаў, раскрыць свае таленты, падзяліцца жыццёвымі гісторыямі. Ва ўрачыстай абстаноўцы ўдзельнікаў клуба са святам павіншавалі намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Д.А.Макаронак і дырэктар раённай бібліятэкі А.В.Драчан.
Шмат цёплых слоў было сказана ў адрас удзельнікаў “Залатога ўзросту”, шмат цікавых старонак з жыцця клуба было прыгадана на сустрэчы. Мультымедыйная прэзентацыя, падрыхтаваная да юбілею, стала напамінам гасцям, што сабраліся ва ўтульнай гасцёўні, аб цёплых, шчырых сустрэчах, якія адбываліся на працягу 20-ці гадоў. Шчырыя словы, віншаванні з юбілеем падрыхтавалі Т.А.Каляда, В.М.Шытыка, В.Р.Бокуць-Чабатарова, В.С.Галенчык, Н.У.Булат.
З цікавасцю слухалі прысутныя ўспаміны ганаровых ўдзельнікаў клуба У.Я.Парабковіча і А.К.Якуценкі.
18 лістапада 2016 года
Вынікі творчага літаратурнага конкурса “Жартуем разам з Крапівой” былі падведзены 18 лістапада ў літаратурнай гасцёўні раённай бібліятэкі. Конкурс быў прымеркаваны да Года культуры і да 120-годдзя з дня нараджэння Кандрата Крапівы.
Тыя, хто сабраўся на мерапрыемства, у сваёй творчасці, у большай ці меншай ступені, - паслядоўнікі нашага славутага земляка. Дырэктар раённай бібліятэкі А.В. Драчан падвяла вынікі конкурса і назвала прозвішчы пераможцаў. Імі сталі М. Галавенчык (байка “Адарка пры пасадзе”), В. Сабалеўскі (байка “Чаравік і Туфелька”), А. Шыбко (шэраг баек “Байкі ад бабы Майкі”).
За актыўны ўдзел у конкурсе былі адзначаны падзякамі Г. Нічыпаровіч, Т. Каляда, Т. Цехнябедзіна, В. Бокуць-Чабатарова, І. Бельская, В. Рудакоўская, К. Іванова.
На працягу мерапрыемства гучалі сатырычныя творы ў выкананні аўтараў.