11 студзеня 2017 года
“Калі душа спявае” – такую назву меў творчы вечар з нагоды юбілею ўдзельніцы літаратурнага аб’яднання “Нёманец” Алы Шыбко, які ладзіўся 11 студзеня ў літаратурнай гасцёўні цэнтральнай раённай бібліятэкі.
Госці вечарыны, добрыя сябры, удзельнікі літаб’яднання “Нёманец”, супрацоўнікі бібліятэкі, Дома культуры шчыра віншавалі юбілярку, гаварылі шмат добрых, цёплых слоў, жадалі творчага плёну, натхнення. У гэты святочны дзень адбылася і прэзентацыя новага зборніка твораў аўтаркі “Самае блізкае”, якім яна падагульніла сваю літаратурную працу на працягу больш дзесяці гадоў. У гасцёўні гучалі творы Алы Сяргееўны: вершы, байкі, сатырычныя творы, акравершы. Упрыгожылі вечарыну і песні, якія гучалі ў яе выкананні.
28 студзеня 2017 года
Студзеньскае пасяджэнне літаратурна-творчай суполкі “Вясёлка”, якое адбылося 28 студзеня, было разнастайным па тэматыцы. І не дзіўна, бо сабралася столькі датаў, забыцца прая якія нельга было: і кітайскі новы год, і нядаўні дзень Таццяны – апякункі студэнтаў, і Год навукі… Аб’яднаць такія розныя накірункі дапамагла …ежа. І зноў жа, чаго здзіўляцца: не бывае навагодніх святаў без прысмакаў, не бывае раўнадушных да ежы студэнтаў, ды і навука да правільнага харчавання мае непасрэднае дачыненне.
“Галоўным героем” сустрэчы стаў певень, які даўно “прапісаўся” на палічцы ў метадычным кабінеце. Ён пабыў у руках кожнага ўдзельніка на традыцыйнай працэдуры прадстаўлення, з вышыні бляшанкі з кавай назіраў за пошукамі кававага дрэва, а напрыканцы набыў уласнае імя і стаў Феліксам.
Увогуле, жартаў было шмат, бо ўсе, акрамя Улада Лычкоўскага, – студэнты (праўда, розных узростаў, але былых студэнтаў, кажуць, не бывае), і баек пра студэнцкае жыццё ў кожнага – цераз край.
Потым Юрый Сцепановіч правёў інтэлектуальную квэст-гульню “В поисках кофейного дерева”, Улад Лычкоўскі прапанаваў лічбавую галаваломку, Валерыя Шкода (Рудакоўская) прачытала свае новыя вершы.
Галоўнае, што за жартамі не забыліся пра сур’ёзныя справы. Шмат слушных ідэй па правядзенню Года навукі на Уздзеншчыне прапанавалі нашы госці: гісторык Павел Дзмітрыевіч Апановіч і настаўнік фізікі і інфарматыкі Нёманскай сярэдняй школы імя Гурскага Валянцін Леанідавіч Лапіцкі.
Наперадзе шмат новых спраў. У добры шлях, “Вясёлка”!