17 сакавіка 2017 года
Прэзентацыя кнігі Віктара Сабалеўскага "Бясцэнны скарб"
У літаратурнай гасцёўні цэнтральнай бібліятэкі адбылася прэзентацыя новай кнігі В. Сабалеўскага “Бясцэнны скарб”. Віктар Сабалеўскі – празаік, паэт, журналіст – не навічок у літаратуры. У яго творчым багажы некалькі выданняў: “Чабаровая паляна”, “Абранніца”, “Пра бабу Маню, дзеда Васіля і іншых”, “Я ўдзячны лёсу”, “Табою я жыву”.
У новай кнізе “Бясцэнны скарб” В. Сабалеўскі выступіў як аўтар публіцыстычных твораў і прысвяціў свае нарысы, апавяданні, літаратурныя эсэ людзям Удзеншчыны.
На сустрэчу сабраліся сябры Віктара Вацлававіча, яго аднадумцы, удзельнікі літаб’яднання “Нёманец”, намеснік старшыні Мінскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Бажэна Ганушкіна і галоўны спецыяліст абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Таццяна Якаўлевіч. Шмат цёплых слоў прагучала ў адрас аўтара і яго кнігі. Прысутныя жадалі Віктару Сабалеўскаму далейшага літаратурнага плёну, новых удумлівых, разважлівых чытачоў.
15 лістапада 2017 года
“Міншчына – ты сэрца Беларусі”, святочная сустрэча
да 80-годдзя з дня ўтварэння Мінскай вобласці
Cвяточная сустрэча адбылася ў Дзяржынскай раённай бібліятэцы. Дзяржынскія сябры запрасілі на сустрэчу самога “Францыска Скарыну”, які агучыў прывітальны адрас і прэзентавалі выставу старадрукаў з прыватных калекцый жыхароў горада і фондаў бібліятэкі “Нам кніга вечнае святло”. Усім удзельнікам літаратурнага дзейства было прапанавана запісаць свае запаветныя думкі на лістках і змясціць іх на “Дрэве жаданняў”.
У мерапрыемстве прымала ўдзел начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Дзяржынскага райвыканкама Н.І. Сінюковіч, якая пажадала новых творчых здзяйсненняў і на памяць аб нашай сустрэчы падаравала вечны каляндар дзяржынскага майстра па вырабах з дрэва.
Уздзенская дэлегацыя прадставіла віншаванне-кампазіцыю пра адметныя мясціны сталічнага рэгіёна, дзе знайшліся цёплыя словы пра кожны раён Мінскай вобласці, а ў падарунак гасцям прыпаднеслі кошык з прысмакамі, дзе на кожнай этыкетцы было слова “Мінская”.
Амаль на тры гадзіны ўсе акунуліся ў плынь творчасці: слухалі цудоўныя вершы, байкі, казкі, дзе ў кожным творы гучала любоў і павага да Радзімы, гонар за таленавітых і працавітых людзей, якія жывуць побач з намі.